МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.В.Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і галерэя П.В.Масленікава.
Ю.А.Якімовіч.
т. 9, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)